?

Log in

Раство палітарыштанта / адрыўкі нататак, малюнкі, фота/

/НЕПАЎНАГАДОВЫМ ДА ЧЫТАНЬНЯ НЕ РЭКАМАНДУЕЦЦА!!!/

Брамка


За 2010-ы я пасьпеў-такі чатыры разы пабыць асуджаным і тройчы пасядзець на "сутках", дзе й напісаў тры турэмных дзёньнікі. Гэна якраз трэйці. Хочэце - чытайце, хочэце - не, калі нецікава. Гэна ёсьць кронікай, аздобленай турэмнымі малюнкамі й фотамі, павінна быць захаванае.

Гвалт, хлусьня, зьбіцьцё, фальсыфікацыі, нецэнзурная лаянка, ілжэсьведчаньні, хамства, незаконныя дзеяньні – такі-ж твар мясцовай міліцыі сёньня, як і бруд, недастатковае асьвятленьне й ацяпленьне, паразыты, адсутнасьць добрае вэнтыляцыі й рэгулярных прагулак на сьвежым паветры, жабрацкі рацыён – твар постсавецкае турмы для сучасных беларускіх арыштантоў.


Проста хоць з хаты не выходзь – адразу на Акрэсьціна вязуць))) Каляж з фота ля дзьвярэй Акрэсьціна зроблены Тасяй Таполяй.

Частка І. Усё, як і заўжды. Бамжатнік.

Як я й абяцаў, працяг гісторыі не змусіў вас доўга чакаць)))

Забіраю нарэшце рэчы ў участковага.

- Вось вы меня ад дому 19-га цягнулі на 15 сутак цьвярозага, няўжо ня бачылі кампанію п'янтусаў, якія штодня там пад вокнамі, лаючыся ўголас, на дзіцячай пляцоўцы "чарнілы" глытаюць? Калі ўжо вы іх ў ЛПП накіруеце???

- Пусть стаят! Эта харошыя люди. Ани листовак ни клеют, на митинги ни ходят...

Сацыяльнабліскія калгаснага рэжыму. Фота, зробленыя схаванай камэрай.

Новае затрыманьне, як і заўжды, было адвольным. Гэным разом "узялі" проста ля хаты, на прыпынку грамацкага транспарту, прапанавалі праехаць у ленінскі РУЎС. Спрацаваў сабачы інстынкт: бачыш палітычнага, 19-га (гадавіна прэзыдэнцкіх выбароў-2011) – хапай любога – атрымаеш прэмію, зорку на пагон і падзяку высокага начальства.

1. Товарищ, пройдемте для выяснения наличности!))) Адвольнае затрыманьне на прыпынку грамацкага транспарту ля ўласнай хаты.

2. Напружлівае складаньне шасьці ці сямі (!) сакрэтных сфальсыфікаваных пратаколоў і рапортоў у ленінскім РУЎСе. Вось яшчэ прыклад дробнай пацучынай помсты – у паперах час затрыманьня быў пазначаны як 23.50!!!

1-2 – Фота, зробленыя схаванай камэрай.

Трымалі вечар і ноч у РУЎСе, набітым гопнікамі й злодзеямі, сямейнымі дэбошырамі й проста апівохамі. Вечарам, за прозьбу аб вывадзе ў санвузел неадэкват-падпалкоўнік міліцыі паставіў мяне на расьцяжку (дарэчы, у Сеціве выкладзены аўдыёзапіс затрыманьня й утрыманьня ў РУЎСе, які фігураваў на працэсе ў якасьці фактычнага доказу атсутнасьці нецэнзурнай лаянкі з боку затрыманых). Калі я папрасіў падпалкоўніка прадставіцца, той з дапамогай падначаленага афіцэра НЕЗАКОННА адабраў ад мяне акуляры, пакінуўшы мяне амаль сьляпым.

Сакрэтны пратакол, дзе фігуруюць незаконна адабраныя акуляры. Фота, зробленае схаванай камэрай.

Каб не назаляў, укінулі ў камору N1 РУЎСа, г.зв. "клёпоўнік", дзе з-за згаданых паразытоў на сьцянах затрыманыя ў перапоўненым памяшканьні спалі проста на падлозе. Санапрацоўка затрыманых і каморы не праводзілася. У каморы адсутнічала вэнтыляцыя, было горача, таму людзі распраналіся да саколак, нягледзечы на клёпоў. Па целе беглі поцекі гарачага поту. Я ня мог спаць седзечы, таму сеў пры сьцяне, пасунуўшы іншых, і ад няма чаго рабіць пачаў душыць налітых крывёй клёпоў – яны, адчуўшы ўспацелае цела, адразу актывізаваліся. Вошай, пра якіх вялі затрыманыя, без акуляроў я ня бачыў, а клёп – рэч іншая, яны былі даволі вялікіх памероў. Раздушыш такога – з бакоў на сьвежую кроў бягуць іншыя. Карацей, дадаў я чырвоных памазоў на дошках вускага ўслону пры сьцяне. У лістападзе-ж таксама сядзеў тут, таму цалком дапушчальна, што вошы, выяўленыя пазьней у ЦІПе (своечасовай санапрацоўкі там па прыйме таксама не рабілася), былі менавіта ленінскага паходжаньня.

Клёп. Малюнок Навіцкі.

Ночай укінулі маладзёна-гопніка (за мабільнік), які ўсчаў са мной бойку. Мне пашаньціла выштурхнуць яго з каморы, атрымаўшы колькі ўдароў нагамі ад міліцыянтоў. Празь нейкі час гопнік вярнуўся, відавочна навучаны міліцыянтамі, бо проста з парога кінуўся на мяне з кулачкамі. Зноў-жа няўдала, праўда, моцна я го біць ня стаў, бо бачыў правакацыю. Таму го замянілі на 'гонага падзельніка, які меўся "разруліць" сытуацыю, але ўжо біцца не палез. За такімі трэба вока. У каморы сядзелі й іншыя гопнікі. Да ранку давялося зноўку цярпець бяз вываду ў санвузёл, таму затрыманыя мачыліся на дзьверы каморы.

Лёгальны пратакол адабраньня рэчаў. Заўважце, акуляроў у ім няма, затое фігуруе "НОШ ЗАТОЧКА"))) Фота, зробленае схаванай камэрай.

Ранком я-такі дамогся нарэшце вываду ў прыбіральню. Але толькі пасьпеў уладкавацца на брудным унітазе, як у незачыненую (так у іх заведзена) прыбіральню ўварваўся ўсё той-жа невядомы падпалкоўнік і пачаў мяне зьбіваць! Зьбіцьцё цягнулася колькі хвілінаў, пакуль у мяне атрымалася з крыкам "Ратуйце! Міліцыя!" вырвацца са спушчанымі да каленяў споднімі й падбегчы да брыгады хуткай дапамогі, якая якраз дасьледавала аднаго з затрыманых. Але тут мяне ўжо міліцыянты скруцілі, заціснулі ў кайданкі, ня даўшы атрымаць мэдычнай дапамогі ці агледзець пабоі (потым у турэмным душы я забачыў на правым плячы вялікую сьвежую драпіну), і выцягнулі падалей ад лекароў, у файе, дзе й паклалі тварам на брудную бэтонную падлогу й пачалі па мне хадзіць. Калі пад'ехаў нарэшце "боханчык" ("бобік" -УАЗік), яны паставілі мяне туды ў кут НА ГОЛАЎ і такім чыном давезьлі да судзьдзі.

Рэкляма соку ДОБРЫ-2008. Малюнок Навіцкі.

Трэба тут прыдаць, што яшчэ да прыбіральні "праваахоўнікі" АДМОВІЛІСЯ патлумачыць мне правы (а ці-ж яны іх ведаюць!?), прычыну затрыманьня й азнаёміць з якімі-то-ні-было паперамі, таго датычнымі. Прыпомніце, што акуляры былі ўжо адабраныя – у такі спосаб я быў цалком пазбаўлены права на абарону, бо ад пачатку затрыманьня 19.12.11. да 05.01.12 ня мог ані азнаёміцца ані з водным дакумантом, ані абскардзіць незаконных дзеяньняў міліцыянтоў, такога-ж прысуду, турэмнага рэжыму ці неналежных умоў утрыманьня. У судзе, натуральна, я таксама ня быў азнаёмлены судзьдзёй Запасьнічыхай ані з водным дакумантом і, зноў-жа, ня мог адбараніцца. Адное выявілася, што за 2011 рок я ўжо асуджаны чацьвёртым разом, бо летам мяне судзілі без майго ведама за нібы ўдзел у акцыі "пляскаючых", ды й тое, што "дала" судзьдзя гэным разом 15 добаў арышту.

Неатрыманыя нібы позвы на суд па справе "пляскаючых". Фота, зробленыя схаванай камэрай.

Турэмная байка

Карысная гэна рэч – дамафон: за тры дні не прапусьціў да мяне Ніхто, Каня Ў Паліто, два Дзеда Піхто й адну Агнію Барто)))

Частка ІІ. Пра стан турмы і "малодшых братоў"

Надзея ўпершыню ўсьвядомела, што яе бацька НЕ КАСМАНАЎТ, калі з чарговага палёту на Месяц той прывёз любай дачушцы падарунок – шахматы з хлебу.

Як было ўжо згадана вышэй, міліцыянты ад пачатку затрыманьня незаконна адабралі ад мяне акуляры, якія, нягледзечы на тры (!) маех пісьмовых зварачэньня, так і ня былі потым вернутыя ані мне, ані жонцы, ажно да 5-га студзеня. З гэнае прычыны, а таксама таму, што падчас ператрусу каморы міліцыянты забралі мае запісы, у тым ліку й рукапіс аповяду "Сон у Міколаву ноч", большую частку матэрыялоў давялося аднаўляць пасьля выхаду па памяці. Дый пісаць ці маляваць без акуляроў я ня мог фізычна. Прадстаўленыя тут просьценькія малесенькія малюнкі насамрэч зробленыя на аркушох фармату А4 (!) – інакш у каморы я ня бачыў (((Не было таксама пасьля скраданьня занадта сэнсу сьляпіцца, ствараючы паўсотні рысункоў (як у лістападзе), калі была такая рызыка страціць усё пры наступным ператрусе. Палова малюнкоў была зробленая ў апошнюю пару, літаральна, у апошнія гадзіны няволі! Таму пра ўсё гэным разом будзе караценька.

Адпісак, дзе сцьвяржаецца, што ў РУЎСе й ЦІПе нібыта "усё без парушэньняў", я атрымаў аж тры (апошняя была з самога РУЎСа). Фота Тасі Таполі.

Пазьнейшыя скаргі на неналежныя ўмовы ўтрыманьня былі напісаныя альбо вялізарнымі літарамі, альбо Романом пад маю дыктоўку с пазьнейшаю вычыткаю сукаморнікамі. Напрыклад, пра пратэрмінаваную санапрацоўку й вошай у двох каморах; пра тое, што ў абодвох каморах (16-й і 21-й), дзе я знаходзіўся з 20.12.11. па 03.01.12., нягледзечы на штодзённыя заяўкі не працавалі краны й смываньне фекаліяў у санвузьле; пра адсутнасьць штодзённых прагулянак (за 15 добаў я меў іх толькі тры, дый тое, што палітычны-галадоўнік, іншыя й таго ня мелі); пра кепскія харчаваньне й лекарскую дапамогу, дрэннае асьвятленьне і шмат яшчэ пра што.

Малюнкі са столі. У 16-е каморы аварыйнага Акрэсьціна парэпаная столь з-за плямаў, аблупленае тынкоўкі й поцекоў выглядала так, што зь яе аднае можна было назьбіраць сужэтоў для афармленьня цалай кніжкі фантастыкі. Тамтэйшыя накіды Навіцкі.

...Як хутка людзі, якія нядаўна адмаўлялі табе, успамінаюць пра цябе, калі ім самем становіцца патрэбная дамамога!

Нядаўна толькі сусед абараняў алькашоў, якія зьбіраюцца пад маемі вокнамі – яму што, у яго вокны на другі бок! Такі добры – за чужы кошт. А сёньня пацягнуў паказваць на пляцоўку, што нарабілі ягоныя сябры!!!

Сядзеў у турме ў лістападзе, на галадоўцы – замест таго, каб (па сваех-жа крымінальных "панятках") сабраць перадачу, яны, маючы ежу й ваду, выпілі маю адзіную бутэль пітное вады!

Сядзеў у сьнежні – замест, каб дапамагчы, як патрабуе "іхні закон", мне на СУХЕЙ галадоўцы, выдурвалі цыгарэты, ваду й інша, зноў-жа ў мяне, ды йшчэ меліся "абсяраць" апазыцыю, якой і падэшвы ня былі вартыя)))

Суседка-РАСЕЙКА, калі йшлі ператрусы, адмовілася патрымаць у сябе нейкі час флэшку з фоткамі, і цяжкахворай Тасі давялося цягнуцца да сяброўкі ў Асіповічы, каб перахаваць там, а потым на паўгады гэна спаралізавала нашую працу, бо Тася не вылазіла са шпіталю. Сёньня суседцы, якая падвярнула нагу, хапіла сумленьня прасіць Тасю (ведаючы пра ЕЙНУЮ хваробу), якая амаль уўсей час ляжыць, прынесьці прадуктаў з крамы. І, як я даведаўся пазьней, Тася, якой нельга паднімаць нічога (я нат ад перадачаў адмовіўся, каб не дазваляць ёй цягаць), як выявілася, прыцягнула ім цэлы воз на ўсюю сям'ю...

ЯНЫ ПРОСТА ПАРАЗЫТУЮЦЬ НА НАС!

МЫ СЫЙДЗЕМ, А ЯНЫ ЗАСТАНУЦЦА ЖЫЦЬ ЗА НАС!!!

Аськялепак імпэрыі. Савецкая турма, як і сёнешняя ўлада, цалком прагніла. Я лёкка адламіў кавалак жалеза ад вочка на дзьверы ў 21-ай каморы. Фота Тасі Таполі.

...Давяла ўжо гэная набрыдзь з Усходу – дыгеры, кускахваты, паслы, пакупнікі кватэраў, крымінальнікі, тарбэшнікі, дзяржчыноўнікі, казіношнікі, журналістыя, госьці, іншыя малодшыя браты – усе са сваймі павучаньнямі, як Беларусу ўва ўласнай хаце жыць, НАВЯЗЬЛІВЫМІ звычаямі, сэктай, "каштоўнасьцямі", амбіцыямі й непрыхаваным хамствам. З расейцамі, былымі й сёнешнімі, даводзіцца сутыкацца штодня. Нажаль, добрага сказаць аб іх (за выключэньнем хіба расейскіх сяброў у Сеціве) нямашака, вазьме хоць расейку суседку па пляцоўцы, пра якую ўжо пісаў, ці адзінага ілжэсьведку супроць мяне на апошнім судзе – расейскага амонаўца з Кастрамы. Нават у турме зноў і зноў сутыкаюся з расейскімі-ж крымінальнікамі, якія быдлячаць наш народ і нашую "сьвядомую" (с) эліту, пакуль не атрымаюць адпору. Гэныя часта далёка ня лепшыя прыхадні займаюць спакваля нашую зямлю, нашыя хаты, касьцёлы й цэрквы, супрацоўнічаюць з мясцовай антыбеларускай уладай ці проста адкрыта падтрымліваюць яе. Ды яшчэ й нас агітуюць пакінуць ім напрацаваную нашымі бацькамі спадчыну.

Сатырычны малюнок, пазычаны ў расейскай сяброўкі па ЛыўДжорнэле.

Юрась Навіцкі: аб'ява ў Сеціве, 4 Студзеня аб 18:10 Minsk

Россияне, как проживающие в Минске, так и гости нашего старинного беларуского города! Когда я должен был вчера освобождаться, на Окрестина, в Центр изоляции правонарушинелей, привезли партию ваших соотечественников, молодёжь обоих полов (предварительно 13 человек), задержанных местным ОМОНом в ночь со 2-го на 3-е. Сегодня около полуночи часть из них должны освободить. Их нужно встретить и помочь, у них всё отобрали. Вторая половина (им дали по 10 суток) нуждается в передачах и гуманитарке – тюрьма в аварийном состоянии, молодёжи нужна питьевая вода, тёплые вещи (они легко одеты, отобрали даже шапки), подушки-одеяла (спят на холодном ДСП, я давал двоим газету вместо постели), смену белья, сигареты. Нужно срочно сообщить российскому консулу. Спешите помочь своим. Телефон ЦИПа – 372-73-80.

Ізноў расейцы! 1. Расейскі ілжэсьведка з Кастрамы на судзе. 2. Расейскі крымінальнік, былы забойца, сукаморнік. 1-2 – турэмныя малюнкі Навіцкі (па памяці) у каморы N21.

Частка ІІІ. Сон у Міколаву ноч (рукапісы не гараць)

Насамрэч, пісаць гэны аповяд пры сьвечцы было-б зручней... дык каб-жа-ж тыя cьвечкі дазвалялі...

Вось, новы паварот

Вось і вярнуўся я дадому пасьля чарговага арышту. Дзесяцісутачная галадоўка здароўя мне не дадала, дый юрыдычная кансультацыя была тэрмінова патрэбная, таму вырашыў было зьвярнуцца па дапамогу да арганізацыяў, якія яе мусяць аказваюць згодна свайму статусу. У Салідарнасьці мне памагчы абяцалі, але ня сёньня. Ёсьць такая завядзёнка ў Беларусоў, маўляў, каб вы прыйшлі ўчора – мы-б вас накармілі))) Вырашыў тады зьвярнуцца да Вясны, пра якую быў шмат добрага начуты. Але й там "не знайшлося накірункоў", па якіх мне можна было дапамагчы. Хіба што добраю парадаю. Зварачайцеся, сказалі, за матэр'яльнаю кампэнсацыяй да тых, хто вашыя правы парушаў))) Цікавы падыход, толькі й падумаў я. Хоцьці-няхоцькі, а давялося паварочваць вобжы назад, цягнуцца зноў на 'Крэсьціна...

Бывае-ж такое...

У ЦІПе, які ўжо стаў за год амаль родным, я адразу скіраваўся да загадчыка ўстановы (сабралі цалую нараду), дзе ва ўласьцівай мне манэры паставіў пытаньне рубам – альбо сплочвайце мне 15 мільёнаў Эўроў маральнае кампэнсацыі за зьдзекі, альбо засуджу вас у Гаазе! У Гаагу, бачучы мой ваяўнічы настрой і памятаючы аб лёсе таварышоў з брацкіх дыктатур, ніхто зь міліцыянтоў не схацеў, але й фінансавае пытаньне прывяло іх ў стан разгубленасьці – дзе ўзяць такія грошы?! Пачалі круціць, гандлявацца, маўляў, крызыс у іх і г.д. Як чалавеку добрай волі, давялося пайсьці на кампраміс, сыйшліся на пяці за месяц катаваньняў. Але я тут палічыў ім па тры зьмены плюс выходныя за падвоеную плату. Карацей, выйшла пад восем мільёнаў Эўроў. У жаху ад сумы міліцыянты запрапанавалі мне самому займацца продажам магчымага.

Засукаўшы рукавы

Па-першае, перасяліў арыштантоў у новае месца, папярэдне адабраўшы два лецішчы ад босаў КГБ. Прыдаліся тамтэйшыя канфэрэнц-залі (?), якія былі ператвораныя ў сьветлыя агульныя сталоўкі, спартзалі – у агульныя казармы, спатрэбіліся й саўна з басэйном; колькі памяшканьняў перарабіў на бібліятэку, трэнажоры й мэдычныя кабінеты. І дворыкі для прагулянак на сьвежым паветры знайшліся! Пакінуўшы кіраваць старога знаёмага – заўгаспа (намовіўшы таго па адмысловай мэтодыцы, каб ня шмат краў), вярнуўся ў былы ЦІП.

Мой Аль-Катрас

Палову ЦІПа вырашыў перарабіць на музэй-гатэль для заможных гасьцёў-капіталістых, перабудаваўшы частку камор на гатэльныя нумары са старажытнымі прыладамі катаваньня. Тут прыдаліся некаторыя зь міліцыянтоў-кAтoў, другую частку прыладзіў да аховы, намовіўшы, каб надта ня лаяліся, пераатэставаў іх. Верхні паверх пераладаваў пад невялічкі бардэль, у якім працаваць адразу-ж выказала жаданьне большая частка жаночага пэрсаналу. Іншыя знайшлі сабе даволі працы пры гатэлі. Цікавы момант: знайшоў у турэмных сутарэньнях зьняведама адкуль зьявіўшыя ся там колькі скрынак з ажурнымі карункавымі панчохамі, якія ў добрым настроі адразу-ж прэзэнтаваў пэрсаналу бардэля. Карацей кажучы, усе засталіся задаволенымі такім раскладом і пачалі сьвяткаваць: рожнакаляровыя балонікі, стужкі, кветкі, шампань і транспаранты... Ну, амаль усе распавёў, трэба ісьці даглядзець да канца. Дык і вам салодкіх сноў)

Сяброўская парада: не чытайце нанач жудасьнікоў, дык і ні насьніце жахоў)))

Частка ІV. Сьвяты й краты.

Калі што й згадваць цікавае, добрае пра турму, то гэна – маладафронтаўцы, салідарнасьць палітычных, перадачы й сустрэчу пасьля турмы. Турэмных "пацукоў" і "стукачоў" я ставіць ў сваю кніжку ня буду. Ня вартыя яны таго. А яшчэ добрым словам у турме неаднойчы ўспаміналі Валера Шчукіна - маўляў, без яго й тых умоваў, нават перагародак ў санвузлох без ягонага ўмяшальніцтва тут-бы не было-б...

Пацукі атручаныя. Яшчэ іх называюць майстрамі шантажу й подкупу, катаваньняў і рэпрэсыяў, карацей, гебня. Малюнок Навіцкі.

Зноў і зноў прыходзіць у турму гебня апрацоўваць маладафронтаўцаў. Шантажуюць, запалохваюць, потым паліваюць іх брудам ў падкантрольных СьМІ, выганяюць з вучобы ці, як Романа, з працы. Карацей, загатоўваюць маладзёнаў, робяць зь іх сапраўдных змагароў, патрыётоў. Памятаю, з адным такім, шчырым Беларусом, сустракаўся на будоўлях (будоўлі часта месца, адно дзе могуць заробіць на кавалак хлеба дысыдэнты). Адзін мураль, па мянушцы "сьвенты Валюсь", напісаў у ягоны гонар цэлую паэму. Як кажуць, "маўчаў-маўчаў, і ўдруг загаварыў") Дайшло)))

НАРОДНЫ ФАЛЬКЛЁР: КАЗКА пра будоўніка Міхаську

На будоўлі каля крану завіхаецца Міхась,

Ён устае на працу рана, хоць лягае позна спаць.

З ранку ўсім раствор мяшае, цэглу, пліты падае,

А брыгада яго лае, кажуць, што той лынды б'е...

Па начах у газэту піша, агітуе гэтых-тых,

Нехта кажа: едзе крыша у дабродзеяў такіх.

Рвуць з Пагоняю налепкі, лепяць хлопцу на штаны,

З гумарам у дурняў кепска – куртку фарбай залілі...

У вастрозе хлеб з вадою трыццаць дзён Міхась жаваў,

Бо за праўду з грамадою да апошняга стаяў.

Катавалі без прычыны, вешалі на кайданкох,

Хоць дубцом гумовым білі – засталіся ў дуракох.

Зьдзекаваліся фашысты, не давалі спаць і піць -

Усё хацелі хлопца зьнішчыць, бо не здолелі зламіць!

Перажыў Міхась пабоі – тыдні з тры пасьля хварэў,

Зноў трымае сьцяг ён Волі, бо скарыцца не схацеў.

...Цёмны быў я, кляў асьвету, мерыў усё на кілбасу...

Пачытаў яго газэту – зараз іншым сьвет нясу!

1. Раство сустракаў з маладафронтаўцам Романом Васілевым у 16-й.

2. 31-га. На Новы год пайшоў сьнег. Камора 21.

3. Салютоў у 21-й не відаць, бо я пакараны за перамовы.

4. Камора 16-я. Салют на Раство ля Акрэсьціна. Як казаў Роман, пад Акрэсьціна былі затрыманьні нашых актывістаў, якія прынеслі перадачы, міліцыянты спужаліся. Ну, а з 31-га на 1-е было шмат салютаў, але нашыя сядзелі тады ў суседніх каморах. Дзякуй Богу, пасля суду (2 студзеня) атрымалі спагнаньне, але НГ сустрэць прыйшлось у турме (((

1-4 – турэмныя накіды й малюнкі Навіцкі.

Катаваньні

Як я ўжо казаў, палітарыштанты ў турме пазбаўленыя нават асноўных канстытуцыйных правоў.

Нават у параўнаньні з крымінальнымі злачынцамі, яны ня маюць ані права на ліставаньне ці тэлефанаваньне, сустрэчы з роднымі ці харчовыя перадачы, ня могуць набыць за ўласны кошт харчоў.

Няма радыё ці тэлевізара.

Няма спартовых ці разьвіваючых гульняў (добра, хоць камплект шашак зьявіўся нарэшце – адзін на ўсей ЦІП).

Няма бібліятэкі, кніг, газэтаў, хаця-б дзяржаўных.

Нельга ўзяць дазволеныя рэчы з сканфіскаваных.

Немагчыма чытаць ці пісаць, прычым ня толькі з прычыны недастатковага асьвятленьня ў каморах. Супрацоўнікі міліцыі папросту адбіраюць акуляры, адмыслова пазбаўляючы арыштантоў магчымасьці нават абскаржваць незаконныя прысуды, ня тое, што пісаць скаргі на неналежныя ўмовы ўтрыманьня.

Няма асобнага памяшканьня для паленьня. Палячыя знаходзяцца ў адной каморы з непалячымі, каморы, дзе людзі жывуць, ядуць, сьпяць, без прымусовае й увогуле дастатковае вэнтыляцыі ператвараюцца ў суцэльныя курылкі.

Хворыя арыштанты знаходзяцца ў адных каморах са здаровымі.

Няма больніцы, дзе хворыя арыштанты могуць атрымаць дастатковую мэдычную дапамогу. Турма – не больніца.

Няма дворыкоў, дзе можна падыхаць сьвежым паветрам, пагуляць, заняцца спортам ці проста размяць ногі.

Немагчыма спаць ня толькі з-за таго, што мулка на голых дошках ці ДГП альбо недастаткова ацяпляюцца каморы, але і з-за таго, што па начах не выключаецца лямпачка ў вочы.

Няма мэблі, ложкаў, пасьцеляў, проста коўдры, халодна, брудна й цёмна- натуральны карцэр!

Ня ведаю, што думаюць на гэны кошт праваабаронцы, я асабіста лічу гэную зьяву КАТАВАНЬНЯМІ.

1. Гэнай паштоўкай мяне павіншавалі ў 18-й.

2. На Раство зрабіў з хлеба ялінку, упрыгожаную сырнічнымі галоўкамі, але падчас ператрусу каморы міліцыянты зламалі яе й забралі мае запісы. Зорку й літары можна вырабляць з цыгарэтнае фальгі (калі перадаеце няшмат пачакаў). 16-я камора. Турэмны малюнок Навіцкі.

3. Віншаванка ад Руху За Свабоду.

4. Жонцы. 21-я. Турэмны малюнок Навіцкі.

Даведка юрыдычная:

Канвэнцыя супроць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня (Арт. 1) вызначае паняцьце "катаваньне" наступным чынам:

любое дзеяньне, якім якой-небудзь асобе наўмысна наносіцца моцны боль або пакуты, фізічныя або маральныя, каб атрымаць ад яе або ад трэцяй асобы зьвесткі ці прызнаньні, пакараць яе за дзеяньне, якое зрабіла яна або трэцяя асоба або ў здзяйсненьні якой яно падазраецца, а таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай або іншым асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці, або па іхнім падбухторваньні, або зь іх ведама або маўклівай згоды.

Канвэнцыя супроць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня, прынятая Рэзалюцыяй 39/46 Генеральнай Асамблеі ААН 10 сьнежня 1984 г., стала галоўным міжнародным актам у галіне барацьбы з катаваньнямі. Да Канвэнцыі далучылася ўжо 127 краін.

1. Беларускі цмок, які зьеў дыктатора. Зроблены з сырнічковых пушак, знойдзены ў 4-е каморы.

2. "Ленін-Захаду: зь Беларусі не сыйду... бо адступаць няма куды!" Малюнок, зроблены па матывох расповядоў маладафронтаўцаў і ім-жа прысьвечаны.

3. Адзін з варыянтоў турэмнага малюноку, прысьвечанага Зьмітру Дашкевічу й іншым маладафронтаўцам. Камора 1-я.

4. Беларуская вясёлка.

1-4 – турэмныя малюнкі й накіды Навіцкі.

Невялічкі вершык на тэму канфлікта аднаго з "незалежных" журналістых (БелаПАН) з маладафронтаўцамі. Той напісаў адмыслова для блёгу ГУЎСу артыкул з нэгатыўнаю ацэнкаю дзейнасьці МФ.

Про спецкора ГУВД, патриотов и т. д. (г.вно)

Ходил Василий по квартире

На кухне в душ и под кровать

Но тут его застукал Михал

И приучил ходить в лоток (И показал где надо с.ать)

Мораль сей сказки всем понятна

Тебя туда же мордой ткнут

Когда ты ходишь где попало

Хотя там явно не песок (А то и я.ца оторвут)

Гурма сяброў (прыемная нечаканасьць – блізу дзясятка чалавек, не хачу пералічваць іх, але ўсім вельмі ўдзячны, асабліва Марыне Адамовіч) разом з жонкаю з падарункамі сустракае мяне аднаго ля Акрэсьціна апоўначы, бо час затрыманьня міліцыянты адмыслова пазначылі ў пратаколе на колькі гадзін пазьней за сапраўдны. Фота Польскага Радыё.

Частка V. Некалькі парадаў небываламу)

Ня вер, ня бойся, не прыніжайся.

Усё, што-б вы не сказалі міліцыянтом ці сукаморніком, можа быць выкарыстана супроць вас.

Папярэдне, як ісьці кудысь, паварушыце хoць крыху рухавікамі Інтэрнэту – людзей затрымліваюць не ўпершыню, досьведу ў сеціве назьбіралася нямала. Будзеце ведаць, як сябе паводзіць у рожных сытуацыях.

Майце пры сабе пашпарт ці ягоную копію, завераную на працы ці натарыяльна.

Скарыстайце ўсе магчымасьці, каб паведаміць аб сваем затрыманьні зацікаўленым у вашым лёсе асобам. Да афармленьня пратаколу патэлефануйце ім з неадабранага мабільніка. Адабралі – вакол людзі: пакуль не зьмясьцілі ў камору, папрасеце мабільнік у іншых, ніхто вам не адмовіць.

Дайце міліцыянтом магчымасьць шчыра зарабляць хоць невялічкую частку ад вашых падаткоў: прывезьлі ў РУЎС – патрабуйце, каб далі тэрмінова паведаміць родным аб вашым затрыманьні ці хаця-б на вашых вачах ніхай патэлефануюць і растлумачаць, дзе, калі, кім і завошта затрымалі, дзе знаходзіцеся. Прывезьлі ў ЦІП ці яшчэ куды – тое-ж самае, паўторна. Ваш маршрут мусібыць адсочаны. Вывялі на прагулянку – паведамьце пра сябе іншым палітычным, дайце свае дадзеныя, падзялецеся цыгарэтамі. Зь вязьніцы штодня выходзяць на волю людзі – папрасеце, каб патэлефанавалі вашым, што прынесьць, як вы пачуваецеся – ніхто не адмовіць. Я сам карыстаў з гэнага шматкроць.

Уважліва азнаёмцеся з правіламі ўтрыманьня, якія мусяць вам прапанаваць для агляду. Дарэчы, пры ўладкаваньні ў ЦІП патрабуйце санапрацоўку, мыла, паперу для прыбіральні – пакуль перадачы, яно вам прыдасца.

"Ірыска" мыла паняволенага. Як кажа Роман, "ірыска" "прыналежыць толькі палітычным, прычым на 15 сутак арышту". Фота Тасі Таполі.

Часьцей мыйцеся ў турме. Многія з нас, у тым ліку й аўтор, падхоплівалі ў турме вошай, сустракалася часотка, захворваньні скуры. Калі ўзьнікаюць сумнівы, патрабуйце тэрміновай санітарнай апрацоўкі апраткі й памыўкі.

Патрабуйце штодзённых прагулянак. Каб бавіць час, патрабуйце шашкі, яны ў ЦІПе зараз зьявіліся.

Пакуль не прынесьлі пітную воду, можэце ў неабмежаванай колькасьці карыстацца прыгатаванай вадой, трэба толькі напісаць заяўку й аддаць дзяжурнаму (сачэце за якасьцяй вады).

Парады тым, хто застаўся на волі

Для сан-гіг. працэдур перадайце мыла, вадкае мыла, шампунь, зубную пасту, шчотку, пару невялікіх рушнікоў, рулён туалетнае паперы. Калі вы ня хочаце, каб ваш сябар мыў посуд рукой, а сьпіну цёр шкарпэткамі й майткамі, адначасова мыючы й іх, перадайце яму дзьве губкі, меншую й велькшую.

Абавязкова віетнамкі, якія можна мачыць, інакш арыштант можа набрацца грыбка ў дУшы, ад бамжоў. І не забудзьцеся на аднаразавы станок, інакш будзеце сустракаць дзікабраза)))

Улічваючы, што палітарыштантоў часта перакідаюць з рэпрэсыйнымі мэтамі з каморы ў камору, ня трэба перадаваць ім зашмат непатрэбных рэчаў – іх цяжка цягаць) Для чытаньня пры дрэнным асьвятленьні перадавайце акуляры й красворды з вялікім шрыфтом, для піцьця – пітную ваду й сокі ці кампоты ў бутэльках з-пад мінералкі, цыгарэты. Для спаньня (калі вы на леккавіку) паспрабуйце перадаць падушку, коўдру, цёплую куртку – гэныя рэчы мусяць быць у арыштанта па Законе. Абавязкова перадайце вязаную шапку, т.зв. "прэзэрватыў", адкасаўшы якую, можна закрыць ноччы вочы ад дзяжурнае лямпачкі.

Малюнок Навіцкі, зроблены ў 4-е каморы.

Галоўная парада – беражэцеся)))

Юрась Навіцкі, хронікёр, адбыў чарговае, 15-сутачнае, пакаранне нібыта за "нецэнзурную лаянку". Уўсей тэрмін зьняволеньня галадаваў на пратэст супраць незаконнага арышту й неналежных умоў утрымання, палову тэрміну – "насуха".

Originally posted by imbierac at Шантаж, усціск, запалохванне...
Толькі недэмакратычная, таталітарная ўлада можа дзейнічаць такімі брутальнымі мэтадамі ў адносінах да свайго народа, сваіх сапраўдных працадаўцаў. Толькі ненародная ўлада можа так панічна баяцца любога найменшага выказвання незадаволенасці ёю ўласным народам.

Да такіх вывадаў міжволі прыходзіш, праглядаючы фота і відэёрэпартажы нават такіх традыцыйных народных акцыяў, як Чарнобыльскі Шлях ці Дзяды, якія сёння калі і дазваляюцца, то толькі ў надта сціслым і абмежаваным фармаце. Пераглядаючы ці ня тысячу фота і відэёздымкаў апошніх Дзядоў, я адзначыў вельмі цікавую акалічнасць (і яе не заўважыў-бы хіба сляпы). На працягу ўсяго мерапрыемства (цягам колькіх часоў) невялікая па мінскіх мерках колькасць яго ўдзельнікаў была з усіх бакоў аточаная супрацоўнікамі невядомых адмысловых дзяржаўных структур. Апошнія, нават ня ў форме ДАІ, якая мусіла гарантаваць бяпеку руху калоны, а пераапранутыя ў цывільнае адзенне, ішлі вакол гэтай калоны і ўнутры яе, мяшаючыся з дэманстрантамі. Амаль што два дзясяткі (я налічыў васямнаццаць!), і таксама пераапранутых, спецапэратараў відэёкамэр, якія самі хавалі свае твары ад аб’ектываў (а некаторыя і проста ўцякалі, як пацукі), з розных ракурсаў і нават ПРОСТА Ў ТВАР здымалі кожнага ўдзельніка дазволенага ўладамі мерапрыемства (і якраз ня акцыі нейкага пратэсту).

Ня дзіва, што працоўная моладзь і студэнты меліся закрывацца шалікамі, калі пераапранутыя спяцы толькі што ня тыцалі ім у твары аб’ектывамі сваех аднолькавых відэёкамэр! У размовах, што я меў з удзельнікамі Дзядоў (розных узростаў) выявілася, што многія з іх банальна баяцца пераследу па месцу працы ці навучаньня за ўдзел нават ў санкцыянаваных ўладай мерапрыемствах. Няма ўжо чаго казаць пра звычайных абываталяў, запалоханых штодзённымі навокал затрыманнямі, збіццямі і бруднымі судамі над іншадумцамі, сфальсыфікаванымі справамі палітвязьняў, якія гніюць ў тутэйшых турмах ды калоніях, і сярод якіх знаходзяцца нават колькі афіцыйна прызнаных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта краіны! Такія дзеянні ўлады інакш як шантажом, запалохваннем і ўціскам уласнага народу назваць немагчыма. Я асабіста, ня бачу іншага тлумачэння, напрыклад, дублявання спецапэратарамі працы дзясяткаў журналістаў, якія мусілі аб’ектыўна асвятляць падзею згодна сваім прафэсыйным абавязкам.

Яшчэ тут прысутнічае і момант эканамічны. Колькі спецыялістаў, якія заўжды атрымлівалі неблагія па беларускіх мерках заробкі, утрымліваюць зараз падаткааплатнікі за тое, што гэтыя “асы” НЕ ЗАЙМАЮЦЦА СВАЁЙ СПРАВАЙ падчас цяжкага эканамічнага крызысу, у які ўцягнула краіну гэтая-ж таталітарная ўлада?


Юрась Навіцкі, хронікёр, з 1998-га года займаецца зборам фота і відэёматэрыялаў падзеяў у Рэспубліцы Беларусь.


Проста ў твар!!!

Немагчыма было зрабіць ніводнага фотаздымка Дзядоў-2010, каб у кадр не патрапіла колькі супрацоўнікаў спецслужбаў. 

ХАРТЫЯ

 ФЭЙСБУК


Originally posted by imbierac at Волька Карач: Дачкам Беларусі прысьвячаецца...
Травеня, 18, 2011 у 1:02 уночы.
У страшныя гады яжоўшчыны я правяла
сямнаццаць месяцоў у турэмных чэргах у Ленінградзе.
Неяк аднойчы нехта "пазнаў" мяне.
Тады жанчына, якая стаяла за мною і, вядома,
ніколі не чула майго ймя,
ачуняла ад уласьцівага нам усім здранцьвеньня
і спытала мяне на вуха (там усі й ўсё казалі шэптам):
- А гэта вы можэце апісаць?
І я сказала:
- Магу.
Тады нібы нешта накшталт усьмішкі сьлізганула па тым,
што некалі было ёйным тварам...
Ганна Ахматава. Рэквіэм. 

 
      Ох ужо гэтыя падступныя чакаляткі! Які ўжо раз даеш сабе зарок: з панядзелка новае жыцьцё, і пасьля шостае вечара ані воднай чакаляткі каб у рот ... Потым дакараеш сябе за неўзаметку зьедзеную чакалятку, і знову даеш новае абяцаньне: з панядзелка - ані-ні ...

     У ноч з 19-га на 20-е сьнежаня, прыкладна да гадзіны ночы я адпойвалася гарачымі чаямі, сагрэўшыся ад шасьцігадзіннага хаджэньня па плошчах Менску й ад мінус сямнаццаці на двары, і была вельмі шчасьлівым чалавекам на зямлі. Я была ўпэўненая, што нікога з нашых не забралі, і ўсё добра зьніклі ў цёмных завулкох і панадворкох начнога Менску ...

     У гадзіну ночы загучэў званок на мабільнік. Калі-б хто ведаў, як я не люблю начныя званкі. Начны званок - знак бяды. Яшчэ не паднятая слухаўка, яшчэ не пачутая навіна, яшчэ я толькі сьціскаю мабільнік у руцэ, але ўжо ведаю: здарылася нешта кепскае.

     У слухаўцы усхваляваны голас Крысьціны: 
      - Волька, нас забралі. На Плошчы. Мяне й Машу. Там міліцыянты зьбівалі дубінкамі нейкую жанчыну, мы ўмяшаліся. Ну, і ... вязуць ў Маскоўскі РУЎС.

      ...Я стаяла каля Маскоўскага РУЎСу г.Менску, а насупроць мяне ў позе «сьценка на сьценку» стаяў натоўп мужчынаў у форме. Я адразу зразумела, што Крысьцінку тут ўспамінаць безвынікова, трэ спрабаваць выцягнуць хоць-бы Машу. 

        - А Вы кім ёй зьяўляецеся?

      - Сястра. - Я сарпнула носам і на ўсякі выпадак дадала. - Старэйшая.

      - Рамяня-б даць Вашае сястры, каб не цягалася па плошчах. - Адзін з міліцыянтоў вырашыў са мной патлумачыцца.

     - Так, запраўды, трэба даць рамяня. - Радасна захітала галавою я. - Адпусьцеце яе, каліласка. А дома ўжо я ёй сёньня такога рамяня дам - ​​абяцаю ... 

     - Не, мы яе не адпусьцім. Хай пасядзіць і падумае пра свае паводзіны.

     - Можа, Вы тады вопратку перадасьце? І чакалятку? Хоць-бы чакалятку? - Намаўляла, разумеючы, што перадаць трэ хоць каляндарык, хоць-бы асатку. Як знак, каб дзяўчынкі ведалі: мы тут.

     - Чакалятку, пэўна, можна ёй перадаць. - Адзін з міліцыянтаў няўпэўнена паглядзеў на астатніх. - Усё-ткі сястра хвалюецца.

       Астатнія адвярнуліся й зрабілі выгляд, што нічога не бачаць. Я працягнула чакалятку праз краты. Ён моўчкі ўзяў і пайшоў ... 

       Роўна праз чатыры месяцы, у ноч з 19-га на 20-е красавіка чакалятка да мяне «вярнулася». Як сымболь жаночае салідарнасьці. Як добрая вестка, што праўда на нашым баку, а дабро заўсёды перамагае зло.

       19-га красавіка мяне не арыштавалі й нават не затрымалі. Я проста не захацела пакідаць сам-насам зь міліцыяй свайго мужа, а ён, у сваю чаргу, не захацеў пакідаць міліцыі нашага агульнага сябра... І ўся-то наша віна была ў тым, што мы, усе разам, папрасілі растлумачыць прычыну затрыманьня, а міліцыя таксама дружна сьцвярджала, што мы ўсе едзем у Фрунзенскі РУЎС Менска «добраахвотна» і «пагутарыць». Самі, маўляў. Пазьней адзін зь міліцыянтоў мне будзе доўга тлумачыць ўсю глыбіню вось гэнага «злачынства»: пытацца ў міліцыянтоў прычыну затрыманьня НЕЛЬГА. «Злачынства» было настолькі недаравальным і жахлівым, што заступнік начальніка РУЎСу не паленаваўся й адхвастаў мяне па шчацэ, пры гэтым рассусольваючы, якім менавіта сэксам ён хацеў-бы са мной заняцца, а потым мяне кінуць у «абязьяньнік», які дакладней было-б назваць лядоўняю. На ўсю ноч.

       Я сядзела, пабітая міліцыянтом і галодная, згарнуўшыся абаранком ў ледзяной каморы. Кожную гадзіну грукаюць жалезныя засаўкі, і міліцыянт, мацюкаючыся, абыходзіць усе каморы. Убачыўшы мяне ў першы раз, ён спыняецца ля маёй каморы, глядзіць на мяне ўважліва і пытаецца:

     - А цябе-то завошта?

      Я шчыра адказваю, што, уласна, нізавошта. Сяджу проста так.
      Ён здагадліва хітае галавой:

     - А-а, Вы гэныя, як іх там ... палітычныя...

    ... Было а другей ночы. Міліцыянт зноў запыніўся ля маёй каморы, без мацюкоў, але чамусьці з дакорам ціха прамовіў:
    - На, трымай. Гэна ад сястры.

     У пакуначку ляжала бутэлька мінералкі, туалетная папера і ... чакалятка. Я грэла застылыя рукі сваім дыханьнем і адломлівала па кавалачкох «забаронены» чакалят. На душы пацяплела.

     Са сваёй «сястрою» я пазнаёмілася толькі назаўтра, у судзе. Пакуль нас вялі ў суд, нам соўвалі ў рукі пакункі з перадачамі, зь ежаю, з цёплымі рэчамі. Сябры, знаёмыя і нават незнаёмыя людзі. Усе тыя, хто прыйшоў у суд, каб паказаць сваю падтрымку й салідарнасьць ...

      Я дакладна ведаю: калі калі-небудзь тыя, хто кідаў нас у турму, хто складаў на нас фальшывыя пратаколы або паклёпнічаў ў судзе, патрапяць у турму, то ні адзін міліцыянт не спыніцца ля іхняе каморы, і не будзе вось так дакараць, перадаючы «незаконную» чакалятку ад "сястры".

Таму што няма ў Беларусі такіх жанчын, хто б панёс ім у турму перадачы...


БЕЛАРУСКІ РУХ

Originally posted by imbierac at БЕЛАРУСКІ РУХ

АРГКАМІТЭТ “БЕЛАРУСКАГА РУХУ” ЗАКЛІКАЎ НАВУКОВУЮ І ТВОРЧУЮ ІНТЭЛІГЕНЦЫЮ ЯДНАЦЬ ШЫХТЫ

11 траўня 2011 г. у менскім офісе АГП адбыўся аргкамітэт “Беларускага Руху”. Сябры Руху абмеркавалі бягучую палітычную сытуацыю, заплянавалі масавую вулічную акцыю на сацыяльную праблематыку і зьвярнуліся да беларускай інтэлігенцыі з заклікам далучацца да “Беларускага Руху”.
Старшынстваваў на паседжаньні Віктар Івашкевіч. Юры Хадыка выступіў з справаздачай аб падрыхтоўцы і правядзеньні “Чарнобыльскага Шляху”. На яго думку, акцыя прайшла пасьпяхова, удзел узялі ад 600 да 1000 чалавек, што ў сёньняшніх умовах вельмі няблага. Сябры аргкамітэту выказалі меркаваньне, што ня трэба лякацца праводзіць акцыі ў дазволеных месцах, таму што, як выказаўся Вацлаў Арэшка, “эфэктыўнасьць акцыі залежыць не ад месца, а ад колькасьці ўдзельнікаў”. Вінцук Вячорка адзначыў, што 90% падрыхтоўкі акцыі – праца “Беларускага Руху”.
Удзельнікі сходу доўга абмяркоўвалі палітычную сытуацыю ў краіне. Паводле прапановы Віктара Івашкевіча, было вырашана распачаць доўгатэрміновую сацыяльную кампанію, вынікам якой мусіць стаць масавае шэсьце ў кастрычніку гэтага году. 16 траўня адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя розных палітычных партыяў і арганізацыяў, на якой мае быць аб’яўлена аб назьве і сутнасьці кампаніі. У склад аргкамітэту кампаніі дэлегаваныя Віктар Івашкевіч, Андрусь Ігнатовіч, Франак Вячорка, Валер Сядоў, Юры Хадыка, Вінцук Вячорка і іншыя.
Па інфармацыйным пытаньні выступіў Франак Вячорка. Ён паведаміў аб тым, што зарэгістраваны дамэн bielarus.by, які неўзабаве пераўтворыцца ў сайт “Беларускага Руху”. Аляксей Александровіч агучыў канцэпцыю інфармацыйнай працы, Пятро Садоўскі, Валер Сядоў і Юрась Навіцкі выказалі жаданьне весьці ўласныя блёгі. Было вырашана ўтварыць інфармацыйную раду арганізацыі.
Аргкамітэт “Беларускага Руху” зьвярнуўся да творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі з адмысловым зваротам, у якім гаворыцца: “На сваім месцы, у сваёй мясьціне шукаючы аднадумцаў, размаўляючы зь людзьмі, мы створым па ўсёй краіне агмяні свабоднага беларускага духу. Аб’яднаньне нацыянальных сілаў, што і мае на мэце Беларускі Рух, здолее супрацьстаяць зьнішчэньню беларушчыны, прывядзе да абуджэньня народу і адраджэньня нацыі”. Удзельнікі сходу заклікалі інтэлігенцыю далучацца да “Беларускага Руху”. Таксама была прынятая праграмная плятформа, якая мае зьявіцца на сайце.
Дадатковая інфармацыя:
Франак Вячорка +375 29 6685821
Вацлаў Арэшка +375 29 6513237
bielaruski.ruch@gmail.com


 

Беларускі Рух

Originally posted by imbierac at Беларускі Рух
 
ЗВАРОТ
да творчай і навуковай інтэлігенцыі Беларусі

Зноў настаў час гуртавацца ўсім неабыякавым людзям Беларусі дзеля высакароднай, нялёгкай, доўгатэрміновай працы дзеля абуджэньня й прасьвятленьня нашага народу. Настаў час яднацца ў Беларускім Руху.
За амаль 17 год панаваньня цяперашняй улады беларускай нацыянальнай культуры нанесены зьнішчальны ўдар – чарговы пасьля расейскіх царскіх і бальшавіцкіх, што нішчылі нашу нацыю больш як 200 гадоў. У краіне створаная атмасфэра нігілізму й пагарды да ўсяго беларускага.
За гэтыя гады вырасла цэлае пакаленьне моладзі, якая ня чула беларускага слова ні ў садку, ні ў школе, ні ў ВНУ, ні ад кіраўніцтва дзяржавы. З навучальных установаў выдаляюцца парасткі беларушчыны. Выкараняюцца з навучальных праграмаў творы клясыкаў: В. Быкава, У. Караткевіча, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і г.д. Няма ўспаміну пра нашую сапраўдную гісторыю новага часу. Няма даступных шырокай аўдыторыі беларускіх газэтаў, радыё, тэлебачаньня, кіно.
Самы галоўны прамоўца і «гісторык» разам з хеўраю паслугачоў убіваюць у галовы беларусаў, што мы «тыя ж рускія, толькі са знакам якасьці».
У выніку многія не пачуваюць сябе беларусамі і, самае страшнае, ня маюць пачуцьця нацыянальнага гонару, асабістай годнасьці, не ўсьведамляюць, наколькі каштоўная незалежнасьць нашае краіны.
Беларускі Рух мае на мэце аб’яднаць усе сьвядомыя, здаровыя нацыянальныя сілы дзеля ратаваньня нашай нацыянальнай будучыні, а значыць – і культуры, мовы, гістарычнай памяці. Гэта ня лёгкая і ня хуткая, але высакародная праца. Трэба скарыстоўваць любую магчымасьць зьвярнуцца да людзей, найперш да дзяцей і моладзі. Будзіць памяць, гонар, нацыянальную годнасьць. Далучаць да справы нашых музыкаў, паэтаў, гісторыкаў, літаратараў, мастакоў. Нагадваць пра абавязак перад Беларусьсю пэдагогаў і акадэмічных навукоўцаў.
Магчыма, у сёньняшняй цяжкой эканамічнай сытуацыі наш зварот да інтэлігенцыі з заклікам да нацыянальнага яднаньня і адраджэньня беларускасьці нехта ўспрыме як несвоечасовы, бо клопат пра штодзённае выжыванне турбуе кожнага з нас і пакідае сам-насам са сваімі бедамі. Але дэнацыяналізаванае грамадзтва становіцца ахвярай дэмагога-дыктатара, яно ня можа ані абараніць незалежнасьць, ані адстаяць дэмакратыю, ані наладзіць эфэктыўную гаспадарку. Толькі згуртаваўшыся, мы знойдзем выйсьце з эканамічнай ямы, у якую нас завёў антынародны і антынацыянальны рэжым.
На сваім месцы, у сваёй мясьціне шукаючы аднадумцаў, размаўляючы зь людзьмі, мы створым па ўсёй краіне агмяні свабоднага беларускага духу. Аб’яднаньне нацыянальных сілаў, што і мае на мэце Беларускі Рух, здолее супрацьстаяць зьнішчэньню беларушчыны, прывядзе да абуджэньня народу і адраджэньня нацыі.
Жыве Беларусь!

Менск, 11 траўня 2011 году


 

Originally posted by tapolia at Новы Час:"Такім жанчынам трэба кветкі дарыць"

22-04-2011 / Вольга Хвоін НОВЫ ЧАС - http://www.novychas.org/person/такім-жанчынам-трэба-кветкі-дарыць

«Таццяна вас з раніцы чакае — у кватэры прыбралася, сама прыхарашылася», — праінфармаваў мяне муж Таццяны Грачанікавай. Сапраўды, выжыць жанчыну з жанчыны складана — у следчы ізалятар просяць перадаць касметыку, у лякарнях турбуюцца, ці хораша выглядаюць, прычоска, нягледзячы на хваробу. Далей... )


Originally posted by imbierac at ФЕСТИВАЛЬ РЕПРЕСОВАНОЇ БІЛОРУСЬКОЇ КУЛЬТУРИ


ФЭСТЫВАЛЬ рэпрэсаванае беларускае КУЛЬТУРЫ
22/04/2011
Білоруська Весна-2010

З 25 красавіка па 13 траўня ў Кіеве адбудзецца пяты штогадовы фэстываль «Беларуская вясна - 2011». Падзеі фэстывалю закліканыя прыцягнуць увагу грамадскасьці да рэпрэсыяў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі.

Выстава «Асобы рэжым / Special Treatment», які адкрые фэстываль - гэта водгук на апошнюю хвалю тэрору, якая захліснула Беларусь у сьнежні 2010 г. пасля непрызнаных міжнароднай супольнасьцяй прэзыдэнцкіх выбараў. Сытуацыя, якая нагадвае хутчэй лягер для асабліва небясьпечных злачынцаў, чым «астравок міру і спакою ў бушуючай Эўропе», перададзеная праз турэмную графіку Юрася Навіцкага, супроцькатавальныя постэры Мікіты Кадана, паштоўкі палітвязьням ад расейскага карыкатурыстага Андрэя Більжо, відэаінсталяцыі Вадзіма Заміровскага, удзельніка "Беларускай вясны" 2009 - 2010 гадоў.

У рамках фэстывалю таксама адбудуцца прэзэнтацыя коміксу Марыны Напрушкінай «Пераканаўчая перамога», пэрформанс Сашы Ірванца «Чыстосардечнае прызнаньне», майстар-кляса «Мастацтва ў турме» і адкрытая дыскусыя аб адказнасьці за свабоду перакананьняў, а ў завяршэньне - бой падушкамі ад культурнага дзеяча і былога палітвязьня Андрэя Кіма.

Сачэце за падзеямі на нашым сайце!


Салідарнасьць - гэта...

Originally posted by imbierac at Салідарнасьць - гэта...


Менск-2000. Марш Свабоды-ІІ. Магілеўскія прафзьвязоўцы (Свабодны прафсаюз Беларускі) і БНФы шыхтуюцца ў дружыну - ахоўваць калёну дэмонстрантоў зь левага боку . Сэксоты заўважаюць высокую прыгожую дружыньніцу зь вялікім бел-чырвона-былым сьцягом, фатаграфуюць з даху тралейбусу і падкладаюць пад нос дыктатару (газэта "Рабочы"). Той назаўтрага у тэлеэтэры ўзбураецца, маўляў, як-то можна, каб дэмонстрантка апраналася ў футра, бо ва ўяўленьні калгаснага дыктатара жанчына мусіць насіць адно толькі целагрэйку з усялякае нагоды (дарэчы, на сваё футра, Тацяна заробіла цяжкаю фізычнаю працай). Пазьней Таню, якая ўваходзіла тады ў магілеўскую грамадзкую раду, калябаранты тройчы пазбавілі працы (двойчы пісала "Народная Вoля" і раз - "Вясна", "Дэ-Факта", шмат іншых газэт), прычым не хавалі, за што - за грамадзкую актыўносьць ... мужа. Тацяна з-за палітычнага перасьледу ня здолела болей знайсьці працы ў Магілеве, зьехала ў 2003-ім у Менск, але й тут яе па адукацыі і сьпецыяльнасьці на працу ня бралі, давялося часова працаваць майстрам у ЖЭСе. Цяпер Тацяна захварэла...

На яе гора абазваліся цяпер ужо некалькі дзясяткоў карыстальнікоў Інтэрнэту. Болей спачувальная, натуральна, жаночая палова. З тых, хто прапанаваў крыху грошай, крыху болей за палову - мужчыны. Тыя менш гаваркія, але адзін нат заехаў дадому) Абсалютную большасьць грошай даслалі магілеўцы - былыя шэрагоўцы разтрушчанага дыктатарам Свабоднага прафсаюзу. Тацяна вельмі ўдзячная ўсім, але ня здольная сама зараз адказаць. Празь некалькі дзён, добра?

Originally posted by imbierac at Кампанія "Страху няма!" абвяшчае конкурс
Добры дзень, шаноўныя сябры!

Запрашаем Вас прыняць актыўны ўдзел у конкурсе кампаніі “Страху няма”, які абвесціў Рух “За Свабоду”.

Дасылайце, калі ласка, на спецыяльна створаную для гэтага скрыню konkurs@pyx.by фота, відэа, малюнкі, гісторыі, слоганы − усё, што ўздымае настрой, натхняе і перамагае страх і робіць чалавека свабодным.
Працы прымаюцца да 10 красавіка. Пераможцы атрымаюць карысныя і актуальныя ў сённяшніх умовах падарункі. Узнагароджанне адбудзецца 19 красавіка.

Больш падрабязна пра умовы конкурсу чытайце тут

Мая сяброўка тут вельмі добрую карціну намалявала, называецца "Беларусь. Апакаліпсыс цяпер."
 


Profile

svaboda
navicki
Рабі, што павінны ... і не бойся!
ІМБЕРАЦ/Юрась Навіцкі

Latest Month

January 2012
S M T W T F S
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031    

Tags

Syndicate

RSS Atom
Powered by LiveJournal.com
Designed by Paulina Bozek